Змены ў беларускім правапісе

Змены ў новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»

23 ліпеня 2008 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Закон уступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.

 

 

Неабходнасць увядзення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” абумоўлена наступнымі прычынамі:

  • Звод “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў.
  • Правапіс рэгламентуе аднастайную перадачу на пісьме жывой  мовы, і таму ён не можа працяглы час заставацца без змен. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра паўстала гэта праблема для беларускай мовы ў канцы ХХ ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.
  • У падрыхтаваным Законе  Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове. У прыватнасці, у правілы беларускай мовы ўнесены наступныя змены:
  1. пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Прапануецца, напрыклад, пісаць трыа, адажыаТокіа і пад. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца трыо, адажыо, Токіо). У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы –эр, -эль прапанавана перадаваць як –ар, -аль: прынтаркамп’ютарпэйджар і пад. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца  прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр);
  2. паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявятыдзясятысямнаццацьвасямнаццаць (паводле дзеючых “Правіл” пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць);
  3. пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад:ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна і г.д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца ва універсітэце, пасля унікальнай аперацыі, фауна);
  4. у адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам газпрам і г. д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца гарком, газпром);
  5. уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапанавана пісаць чаньчунскіцяньшанскі, як і любанскіастраханскі (паводле дзеючых “Правіл” пішацца чаньчуньскі, цяньшаньскі);
  6. упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д.;
  7. уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў”. З вялікай літары прапануецца пісаць  асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: БогУсявышніСвятая Троіца і інш.;
  8. у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-ЁркЁфе;
  9. рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам –ава- (-ява-) і –ірава- (-ырава-)ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а неаклімацізіраваць,  але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г.д.;

10.  са зводу правіл выключаны раздзелы “Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў”, “Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў”.  Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знаходзяць адлюстраванне ў граматыцы беларускай мовы;

11.   уведзены новы раздзел Правапіс некаторых марфем, у якім у сістэмным  выглядзе  сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў;

12.   спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.

Прапанаваны іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з’яўляецца аптымальным у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы.

З гісторыі беларускага правапісу

Беларуская мова – дзяржаўная мова нашай краіны і мова тытульнай нацыі – адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Унармаванасць дзяржаўнай мовы, захаванне адзінства арфаграфічных нормаў пісьмовай мовы ў значнай ступені забяспечваюць стабільнасць у сферы моўнай камунікацыі.

Узгадаем першыя спробы ўпарадкавання беларускай арфаграфіі. У 1918 г. была выдадзена “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, у якой фактычна ўпершыню былі сфармуляваны правілы беларускага правапісу. Яны і забяспечвалі адзінства новай беларускай літаратурнай мовы. Браніславу Тарашкевічу ўдалося спалучыць фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання. “Граматыка” адыграла выключна важную ролю ў пашырэнні беларускай мовы ва ўсіх сферах ужывання. Аднак у ёй заставалася даволі шмат спрэчных і нявырашаных пытанняў, якія датычыліся правапісу перш за ўсё слоў іншамоўнага паходжання.

Моўная практыка выявіла гэтыя недахопы, і ў сярэдзіне 1920-х гг. паўстала пытанне аб рэформе беларускага правапісу. У 1926 г. адбылася акадэмічная канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу. У яе рабоце ўзялі ўдзел вядомыя мовазнаўцы, пісьменнікі, настаўнікі беларускай мовы, замежныя лінгвісты. Пасля канферэнцыі была створана правапісная камісія, у склад якой увайшлі найбольш вядомыя і аўтарытэтныя лінгвісты таго часу, беларускія пісьменнікі. Многія палажэнні выпрацоўваліся ў выніку працяглых дыскусій і спрэчак. У 1930 годзе быў апублікаваны праект новага беларускага правапісу. Пасля яго абмеркавання і дапрацоўкі ў 1933 годзе была прынята Пастанова Савета Народных Камісараў ”Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу“.

Правапіс у выніку рэформы 1933 г. істотна наблізіўся да фанетычнага ладу беларускай мовы, стаў больш сістэмным і ўпарадкаваным. Рэформа адмяніла мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных (сталі пісаць снег, звер замест сьнег, зьвер). Але рэформа правапісу 1933 г. таксама не вырашыла ўсіх праблем пісьмовай беларускай мовы. Работа па ўдасканаленні беларускага правапісу працягвалася.

У 1959 г. былі выдадзены “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, падрыхтаваныя калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П.Ф. Глебкі. У складанні “Правіл” прымалі ўдзел вядомыя вучоныя М.Г. Булахаў, П.М. Гапановіч, М.П. Лобан, М.Р. Суднік, П.П. Шуба. Частковыя змены правапісу, прынятыя ў 1957 г. і выдадзеныя ў 1959 г., не з’яўляліся рэформай, а ўдакладнялі і развівалі “Правапіс беларускай мовы”, выдадзены ў 1934 годзе. Арганізацыя і першыя крокі працы па ўдакладненні і ўдасканаленні правапісных нормаў беларускай мовы звязаны з імем Якуба Коласа, які на працягу некалькіх гадоў узначальваў арфаграфічную камісію і ўнёс вялікі ўклад у вырашэнне многіх прынцыпова важных пытанняў беларускага правапісу.

У канцы ХХ ст. зноў абвастрылася праблема беларускага правапісу.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 г. была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Камісія падрыхтавала і ў верасні 1994 г. апублікавала “Высновы па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы”. Было прызнана, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання і не патрабуюць кардынальных змен. Камісія рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе б былі ўлічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.

Навуковы калектыў у складзе дактароў філалагічных навук акадэміка А.І. Падлужнага, прафесараў А.Я. Міхневіча, М.С. Яўневіча, П.П. Шубы, кандыдата філалагічных навук А.А. Крывіцкага на працягу 1997–1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі “Правіл” і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 18 студзеня 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, якая пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара В.І. Іўчанкава і доктара філалагічных навук прафесара А.А. Лукашанца канчаткова дапрацавала “Правілы” з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх неаднаразовага абмеркавання.

Увядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў адукацыйным працэсе і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

Перадача акання на пісьме

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ненаціскныя фіналі -эль , -эр у запазычаных словах перадаюцца як  -аль, -ар.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

альма-матэр    альма-матар

камп’ютэр    камп’ютар

лідэр    лідар

прынтэр    прынтар

шніцэль    шніцаль

АЛЕ: унтэр-афіцэр

Заўвага! Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Юпітэр.

Перадача акання на пісьме

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” на канцы нескланяльных іншамоўных слоў пасля галосных не пад націскам пішацца а.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

адажыо    адажыа

Ватэрлоо    Ватэрлоа

Токіо    Токіа

партфоліо    партфоліа

трыо    трыа

Заўвага! Антоніа (м.р.), Эміліа(м.р.) і г.д.

Антонія (ж.р.), Эмілія (ж.р.) і г.д.

Перадача якання на пісьме

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў першым складзе перад націскам у лічэбніках і ўтвораных ад іх назоўніках пішацца літара я.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

дзевяты    дзявяты

дзесяты    дзясяты

дзевятка    дзявятка

семнаццаць    сямнаццаць

васемнаццаць    васямнаццаць

пяцьдзесят    пяцьдзясят

шэсцьдзесят    шэсцьдзясят

АЛЕ: семсот, восемсот

Звярніце ўвагу! У лічэбніках семдзесят і восемдзесят у паслянаціскным складзе пасля дз пішацца е. У парадкавых лічэбніках сямідзясяты і васьмідзясяты пасля дз у першым складзе перад націскам пішацца літара я.

Правапіс галосных

Літары э, е

На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геагарафічных назваў пасля зычных, акрамя к, л, пішацца э: купэ, рэзюмэ, кафэ, Душанбэ, Морзэ, Брыгвадзэ; але: філе, піке, камюніке.

Літары э або е ў сярэдзіне запазычаных слоў пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н  пішуцца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, маянэз пішуцца з літарай э, а словы медаль, менеджмент, парламент– з літарай е.

!!! Напісанне э, е ў такіх словах вызначаецца па слоўніку.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

экземпляр    экзэмпляр

тунель (тунэль)    тунэль

інтэрнет (інтэрнэт)    інтэрнэт

Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах

Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як адзін склад, тады на пісьме яны перадаюцца:

— пасля галосных — праз ё пад націскам і я не пад націскам: маёр, раён, маянэз, Мая, Нью-Ёрк. Калі спалучэнні вымаўляюцца іо, йо вымаўляюцца як два склады, тады на пісьме яны абазначаюцца:

— у пачатку слова — літарамі іо пад націскам і іа не пад націскам: іон, Іосіф, Іаан, іанізацыя.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

Нью-Йорк    Нью-Ёрк

Йоркшыр    Іаркшыр

Йашкар-Ала (Іашкар-Ала)    Іашкар-Ала

Правапіс некаторых спалучэнняў зычных

У асобных словах адбылося спрашчэнне груп зычных: гістарычныя спалучэнні здн, згн, стн, скн, стл, рдн вымаўляюцца як зн, сн, сл, рн, што адлюстроўваецца на пісьме: праязны, капусны, шчаслівы, міласэрнасць.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” спалучэнне сн пішацца і ў запазычаных словах.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

аванпостны    аванпосны

фарпостны    фарпосны

баластны    баласны

кантрастны    кантрасны

кампостны    кампосны

Правапіс прыстаўных галосных

Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і, а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, зардзецца, замшэлы, вокамгненна.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

заржавець і заіржавець    заржавець

зардзецца і заірдзецца    зардзецца

Правапіс устаўных зычных

Устаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў перад націскным у: павук, цівун, каравул, есавул, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павуцінне, цівуном, каравульны, есавульскі.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

есаул    есавул

есаульскі    есавульскі

Правапіс у складовага і ў нескладовага ў пачатку слова

Нескладовае ў пішацца ў пачатку слова пасля слова, якое заканчваецца на галосную: пайшла  ў лес, моцны ўдар.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў іншамоўных словах не пад націскам пасля галосных пішацца ў.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

ва універсітэце    ва ўніверсітэце

для уніятаў    для ўніятаў

прыгожая уверцюра    прыгожая ўверцюра

каля універмага    каля ўнівермага

Заўвага! Пад націскам гук [у] не чаргуецца з [ў]: Люблінская унія, новыя унты, да урны.

Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае: ва Узбекістан, да Усяслава.

Правапіс у складовага і ў нескладовага ў сярэдзіне слова

Нескладовае ў пішацца ў сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыторыя, аўдыенцыя, паўза, каўчук.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

сауна    саўна

фауна    фаўна

раунд    раўнд

клоун    клоўн

АЛЕ: траур, трыумфальны

Заўвага! 1. Пад націскам гук [у] не чаргуецца з [ў]: аул, баул, аукаць.

2. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах на –ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, страус, радыус.У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Каратау, ноу-хау, ток-шоу. Але: шоўмен.

Правапіс мяккага знака

Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н] перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н'], і назоўніка восень: студзеньскі, снежаньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, жнівеньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа.

У прыметніках, утвораных ад іншых назоўнікаў на –нь, мяккі знак не пішацца: конь – конскі, Любань – любанскі, Астрахань – астраханскі.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” мяккі знак не пішацца і ў прыметніках, утвораных ад назваў кітайскага паходжання на –нь: Цянь-Шань – цянь-шанскі.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

цянь-шаньскі    цянь-шанскі

чань-чуньскі    чань-чунскі

Правапіс абрэвіятур

У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі савет), прафсаюз (прафесійны саюз), прамкамбінат (прамысловы камбінат), лясгас (лясная гаспадарка).

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

прафком    прафкам

аблвыканком    аблвыканкам

лінкор    лінкар

газпром    газпрам

ваенком    ваенкам

Правапіс і, ы, й пасля прыставак

Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, пад-, раз-, з-(с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб- са словамі, што пачынаюцца з і, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, зымправізаваць, сысці, адыменны, спадылба, субынспектар, дэзынтэграцыя.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

субінспектар    субынспектар

дэзінфекцыя    дэзынфекцыя

дэзінфармацыя    дэзынфармацыя

Правапіс прыставак с- і з-

Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць. Але: зымправізаваць, зыначыць.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

зэканоміць    сэканоміць

Правапіс дзеяслоўных суфіксаў –ава-(-ява-), -ірава-(-ырава-)

Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам –ава- (-ява-): фальсіфікаваць, арыентаваць, ліквідаваць, ангажаваць.

Дзеяслоўны суфікс –ірава- (-ырава-) ужываецца:

калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам

-ава- (-ява-): газіраваць – газаваць, пасіраваць – пасаваць, камандзіраваць – камандаваць;

калі дзеяслоў без –ір (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: лабіраваць, лавіраваць, курыраваць;

калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: юсціраваць, зандзіраваць, манціраваць.

У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: запраграмаваць і запраграміраваць, дыскутаваць і дыскусіраваць.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

дыферэнцыраваць    дыферэнцаваць

Правапіс вялікай і малой літар

З вялікай літары пішуцца ўсе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Кітайская Народная Рэспубліка.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

Вялікае княства Літоўскае    Вялікае Княства Літоўскае

З вялікай літары пішуцца аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох: Адраджэнне, Крычаўскае паўстанне, Крыжовыя паходы, Супраціўленне, Лядовае пабоішча.

ПАРАЎНАЙЦЕ:

1959 г.    2008 г.

першая сусветная вайна    Першая сусветная вайна

другая сусветная вайна    Другая сусветная вайна

 
Выберите язык
Russian Belarusian Chinese (Traditional) English German