Беларускае народнае свята "Каляда"

 

“Ой, Калядачкі”

Фальклорнае свята

 

Вядучая. Сёння ў нашай хаце свята,

І гасцей у нас багата.

Усіх на свята запрашаем

І сардэчна вас вітаем.

З Новым годам і ўсім родам!

Са святачкамі! З Калядачкамі!

Дзеці чытаюць вершы.

Каляды.

Вялікую радасць на вуліцы, у хаты

Прынеслі Каляды – зімовыя святы.

Прынеслі забавы, і жарты, і песні,

Загадкі, і гульні, і танцы і песні.

Не спі, пані скрыпка, і бубен прачніся

Калядныя святы ў нас пачаліся.

Госця-Каляда.

Ходзіць з хаты ў хату госця-Каляда.

Як каза рагатая з лёну барада.

Мы адны вячэраць селі ў добры час.

Ой, і ў нашы дзверы стукае якраз.

Зябка на марозе, адчыняць пайду.

І за стол запросім госцю-Каляду.

Вядучая. Ой, дзеці, здаецца да нас калядоўшчыкі ідуць.

Гучыць музыка, заходзяць калядоўшчыкі.

Калядоўшчыкі. 1.      Добры вечар, шчодры вечар!

Ходзім, ходзім, грамадой,

Усіх віншуем з Калядой!

2.      З Калядою вас вітаем,

Шчасця, радасці жалаем!

3.      Гаспадыня, не пужай.

Лепш каўбаскі смачнай дай!

Як дасі яшчэ аладкі -

Будзем добра пляскаць у ладкі.

4.      Сее, веем, развеваем,

Дабрабыту ўсім жадаем,

Вы гатуўце нам бліны,

Каб прыгожа пелі мы.

5.      Каляда, Каляда,

Ночанькай да нас прыйшла,

Быць скупымі вам на варта –

Усё вернецца спаўна.

Калядоўшчык. Чым, гаспадынька, будзеш частаваць?

Гаспадыня. Было б за што дзякаваць.

Каб гасцінцы зарабіць

Трэба нас павесяліць.

Калядоўшчыкі спяваюць песню “Каляды-Калядкі”.

Гаспадыня. Дзякуй вам, за цудоўную песню.

Калядоўшчыкі Мы не толькі самі прыйшлі.

Мы казу з сабою прывялі.

А ну, Козанька, пакажы,

На што здольная ты.

Песня “ Тупу, тупу, туп, Каза”. (У канцы песні каза падае.)

Калядоўшчыкі. 1.  Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала.

І на кожны ражок, павесіць піражок.

2.  Хутчэй дарыце, нас на марыце.

Дзеці даюць Казе пачастункі.

Каза. Дзякуй, за пачастункі!

Дзякуй за падарункі!

Жадаю вам мець усяго даволі,

А бяды – ніколі!

Гаспадыня. Раз, два, тры, чатыры, пяць –

Будзем у гульні мы гуляць.

Гульня  з Казой.

Дзеці ідуць па крузе,( Каза ў цэнтры) і кажуць: “Ой, козачка белая, ой, козачка шэрая, па лясочку гуляла, ды на танец запрашала”. Каза бярэ дзіця, выходзіць у круг, і яны танцуюць.

Гульня “Падушачка”.

Дзеці стаяць у карагодзе, у сярэдзіне – вядучы з падушачкай у руках спяве.

Падушачка, падушачка,

Мая пухавая,

Малодачка, малодачка

Мая маладая.

Каго люблю, каго люблю

Таму падушачку падарую.

Пасля псені, вядучы выбірае сабе пару. Трымаючыся з двух бакоў за падушачку, пара пачынае танцаваць.

Гульня “Каза і дзеці”

Дзеці.                  Каза, Каза! Дзе была?

Каза.          На вёсцы.

-    Што купіла?

-    Коску!

-    Навошта табе коска?

-    Сена касіць.

-    Навошта табе сена?

-    Кароўку даіць.

-    Навошта табе кароўка?

-    Малачко даіць.

-    Навошта табе малачко?

-    Дзетак паіць.

-    Навошта табе тыя дзеткі?

-    Каб іх лавіць!

Каза даганяе дзяцей.

Гульня. “Дзед і Каза”.

Дзеці ідуць у карагодзе і спяваюць. (Каза ходзіць у сярэдзіне круга)

Го-го-го, каза, го-го-го, шэра.

Дзе ж ты хадзіла, дзе ты брадзіла?

Каза.                   Хадзіла я па палях, па лясах!

Дзеці.                  Чаму цябе там ваўкі не з’елі?

Каза.                   Ні баюся я ні ў лесе ваўкоў,

Ні ў полі стральцоў,

Толькі баюся старога дзеда.

Дзеці.                  Дзед, лаві Казу!

Гаспадыня. Ці падабаюцца вам нашы гульні?

Тады, людзі добрыя, не сядзіце,

Казу-весялуху  ў карагод вазьміце.

Хто з казою патанцуе,

Таму ў новым годзе пашанцуе.

“Полечка-трасуха”

Калядоўшчыкі. 1.      Ну, Козачка, пакланіся ўсім:

І старым , і малым.

Закладай рогі,

Падбірай свае ногі.

З гэтай хаты выходзь,

Бяду, гора вынось!

Уцякай хутчэй

З гаспадарскіх вачэй.

2.      Дай Божа табе, гаспадынечка,

І ў каморы, і ў аборы!

Гаспадыня. Дзякуй вам, калядоўшчыкі, за тое, што нашу хату не мінулі. Чакаем вас на наступны год!

Калядоўшчыкі. 1.      Каляда, каляда,

Хай абходзіць вас бяда.

І няхай на ваш парог

Прыйдзе радасць у Новы год!

2.      З козачкай калядавалі,

Змарыліся, стаміліся.

Разам справа спорыцца,

Дай вам Бог здароўіца!

Калядоўшчыкі спяваюць песню “Бывайце здаровы, жывіце багата…”

 

 
Выберите язык
Russian Belarusian Chinese (Traditional) English German