Канспект занятка "Мая Радзіма - Беларусь"

Праграмны змест: знаёміць дзяцей з гісторыяй сваёй Радзімы, яе мінулым і сучасным, з паданнем назвы Беларусь, з паходжаннем сучасных беларусаў; узбагачаць беларускі слоўнік дзяцей, развіваць пачуццё гонару да сваёй краіны сродкамі мастацкага слова; выхоўваць любоў да Радзімы.

Абсталяванне: карта Беларусі, карцінкі з людзьмі ў нацыянальных адзеннях беларусаў, украінцаў, рускіх, палякаў; стэнды з малюнкамі і здымкамі «Прырода роднага краю», «Мінулае нашай краіны», «Сучасная Беларусь», магнітафон, запіс песні «Спадчына» ў выкананні ансабля «Песняры».

Ход заняткаў

Выхавацель (чытае верш і паказвае малюнак жанчыны ў беларускім адзенні, якая трымае за руку хлопчыка).

Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,

Цябе павяду я ў нязведаны край.

Мы пойдзем вузенькай мяжою ўдваіх...

Так мякка, прыгожа, пахуча... аж рай.

Сыночку маленькі, ты ручку мне дай...

Так пісала беларуская паэтэса Зоська Верас. Можа хто з вас, дзеці, здагадаўся, пра які «нязведаны край» гаворыцца ў вершы, як гэты край завецца? (Беларусь)

Па якім прыметам вы здагадаліся? (Верш напісаны на беларускай мове. Хлопчык і жанчына намаляваны ў беларускім нацыянальным адзенні.)

Так, дзеці, Беларусь – гэта наш дом. У кожнага ёсць свой дом: напрыклад, у птушцы – гняздо, у многіх жывёл – нара. У вас, дзеці, таксама ёсць свой дом. Разам з вамі ў ім жывуць вашы родныя. Гэта ваша сям’я. Побач з вамі ў сваіх дамах жывуць другія сем’і, вашы суседзі. Усе мы, жыхары Беларусі, жывём у вялікім агульным доме, у краіне, якая завецца Рэспубліка Беларусь.

Давайце возьмемся за рукі, а я, як прапануе Зоська Верас, павяду вас, мае хлопчыкі і дзяўчынкі, па нашай беларускай зямлі.

Гучыць запіс песні «Спадчына» ў выкананні ансамбля «Песняры». Выхавацель вядзе дзяцей па пакоі, у якім размешчаны стэнды са здымкамі і малюнкамі «Прырода роднага краю», «Мінулае нашай краіны», «Сучасная Беларусь».

Выхавацель. Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне і, мабыць, не толькі для мяне – даражэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут. Якая яна, наша зямля? (Паказвае на здымкі.) Гэта залатыя палі збажыны з сінімі «вочкамі» васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, пушчы, дзе горда нясуць свае кроні алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці. (Паводле Уладзіміра Караткевіча) Разам мы зазірнем у мінулае і сучаснае нашага старажытнага краю, і вы зразумееце, што ваша жыццё, якое толькі пачынаецца, – гэта працяг жыццяў вашых продкаў, а тое, што вакол нас – гэта след іх жыцця.

А зараз давайце прысядзем і крышку пагутарым. У народзе кажуць: «Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка». І сапраўды, «дзе маці нарадзіла, там і радзіма». А як вы думаеце, што такое Радзіма? (Адказы дзяцей)

Вы шмат чаго сказалі. І ўсё гэта верна. Радзіма – гэта вочы матулі, яе ўсмешка, яе цёплая далонь на вашай дзіцячай галаве, гэта вашы родныя, ваш дом. Радзіма – гэта дзіцячы сад, у які вы ходзіце, двор, дзе вы гуляеце, гэта вашы сябры і проста людзі, з якімі вы сустракаецеся. Радзіма – гэта і тыя песні, якія вы чуеце і спяваеце, тыя словы, якія вы гаворыце, гэта і гульні, у якія вы гуляеце. Давайце і цяпер крышачку пагуляем.

Беларуская народная гульня «Пляцень».

Дзеці становяцца адзін за адным у рад. На ўвесь рад расцягваецца вяроўка, якую кожны трымае ў руцэ. Усе ідуць адзін за адным і спяваюць.

Кругом бярозанькі ідзём,

Каля яе ўсё пляцём.

Плець-плець пляцёна

Кругом спявала абвядзёна.

У поле, у лес валачэцца.

Распляціся, пляцень, распляціся,

Залаты вузельчык развяжыся.

Водзячы заблытвае карагод, пакуль не запляце пляцень. Расплятаюць яго, прыгаворваючы:

Сто дашкалят

Усе ў адзін рад

Разам звязаныя стаяць.

Пляцень, расплятайся,

На бярозаньку завівайся.

Вядучы бягом вядзе за сабою дзяцей, пры гэтым ён робіць крутыя павароты, і той хто не ўстаіць на нагах і ўпадзе, выбывае з гульні.
На працягу ўсёй гульні дзеці павінны моцна трымацца за вяроўку, калі хто-небудзь з дзяцей падае, усе ўдзельнікі спыняюцца.

Выхавацель. Хораша вы гулялі. А зараз давайце падыдзем да карты. Як вы думаеце, якая краіна на ёй адлюстравана? (Беларусь) Як завуцца людзі, якія жывуць у Беларусі? (Беларусы) Пра тое, хто ён, хоча даведацца і хлопчык з верша Васіля Віткі «Хто я?».

Узяў мяне одум:

Хто я такі, адкуль родам?

І дазнацца ў мамы мусіў –

Беларус я, з Беларусі.

Ці аднолькавая ў вас Радзіма з хлопчыкам, пра якога расказваецца ў вершы? (Адказы дзяцей) Аб чым даведаўся хлопчык у мамы? Адкажыце словамі з верша. («Беларус я, з Беларусі»)

А цяпер я вам раскажу адну цікавую гісторыю. Прыгожую назву мае наша Радзіма, светлае ў яе імя – Белая Русь, Беларусь. Гавораць, што такую назву яна атрымала ад мноства снегу, што выпадае зімою; ад перавагі белага колеру ў адзенні насельніцтва; ад таго, што людзі, якія тут жывуць, светлавокія, светлавалосыя, статныя, прыгожыя. Мы – бела-русы. Але беларусы не заўсёды называліся так. Шмат вякоў таму назад на тэрыторыі нашай краіны жылі розныя плямёны людзей, якія мелі назвы: крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Менавіта так звалі нашых продкаў. Назва кожнага з плямёнаў шмат пра што нам расказвае. Напрыклад, «дрыгва» па-беларуску значыць «балота». Таму людзі, якія жылі сярод балот, на дрыгве, сталі называцца «дрыгавічы». Крывічы называліся так таму, што людзі гэтага племені жылі ў лясах. якія складаліся з невялікіх дрэў. Нашы продкі такія дрэвы называлі крывымі. Значыць, крывічы – гэта тыя, хто жыў сярод невялікіх, «крывых» дрэў. Радзімічы – гэта тыя людзі, якія маюць агульную радзіму, яны родныя паміж сабою, з аднае радзіны – так раней называлася радня чалавека, яго сям’я. Прайшоў час, усіх людзей, якія жывуць у Беларусі, сталі зваць беларусамі. Побач з намі жывуць рускія і ўкраінцы, літоўцы і палякі, яўрэі, татары і многія іншыя. Беларусь – шматнацыянальная дзяржава, і ўсе мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Паслухайце, як пра нашу краіну кажа ў сваім вершы «Чатыры пажаданні» Алесь Мілюць.

Беларусам я радзіўся,

Беларусам буду жыць,

Беларускую зямельку

Буду шчыра я любіць.

Бо радзімая старонка

Над усё мне прыгажэй,

Беларуская гаворка

Над усё мне даражэй.

За што паэт так шчыра любіць беларускую зямельку? Адкажыце словамі з верша. (Паўтор другога слупка) Паўтарыце гэтыя словы ўсе разам гучна і з гонарам за сваю родную старонку, за сваю Радзіму Беларусь.

Дзеці завучваюць гэты верш на памяць.

Літаратура

  1. Александровіч, Р. Зямля з блакітнымі вачыма / Р. Александровіч, Т. Нескаромная : дапам. для педагогаў дашк. устаноў. – Мінск : Беларусь, 2001.
  2. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў : дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі / Н. С. Старжынская, Дз. М. Дубініна. – Мазыр : ТАА ВД «Белы вецер», 2008.
  3. Родныя вобразы ў паэтычным слове : дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі : у 2 ч. /
    Дз. М. Дубініна. – Мазыр : ТАА ВД «Белы вецер», 2008. – Ч. 2.
 
Выберите язык
Russian Belarusian Chinese (Traditional) English German