Мой родны горад

Конкурс для выхаванцаў  і іх бацькоў.

Задачы: садзейнічаць развіццю пачуцця любві да роднага горада і гонару за яго; выхоўваць цікаваць да яго гісторыі.

 

 

Папярэдняя работа: завучванне вершаў пра Радзіму, песень  пра Любань , прыказак і прымавак пра родныя мясціны, пошук адказаў на пытанні, звязаныя з гісторыяй і сучаснасцю Любані.

Зала упрыгожана. На цэнтральнай сцяне вісіць сцяг горада Любані.

Удзельнічаюць  2 каманды: “ Арэса” і “Вячора” (у кожнай  5 дзяцей і 5 бацькоў). Журы сочыць за ходам конкурса, ацэньвае адказы. За правільныя адказы на табло вывешваецца сцяжок.

Гучаць пазыўныя. Дарослыя і дзеці займаюць свае месцы.

Вядучы. Скажыце  «Любань» і ў сэрцу адразу ж

Заззяе суквецце найлепшых слоў:

Любы, любіць, любавацца, любасць,

Любімы, любоўны, любіцца, любоў.

Так, нашы продкі былі жыццялюбамі,

Раз родны кут ахрысцілі Любанню.

Іван Муравейка.

Вядучы. Добры дзень, паважаныя госці і маленькія сябры! Сёння наш конкурс прысвечаны родным мясцінам, роднаму гораду Любані.

Вядучы прадстаўляе членаў журы.

Вядучы. У ведах пра родны горад спаборнічаюць дзве каманды “Арэса” і “Вячора”.  Адкажыце, калі ласка, чаму вы выбралі такія цікавыя назвы сваім камандам? (Адказы. )

Вядучы. Першы конкурс для дзяцей “Перакладчык”. Трэба перакласці словы з рускай мовы на беларускую.

Словы для каманды “Арэса”: город, дорога, бабушка, красивый, цветы.

Словы для каманды “Вячора”: деревня, дедушка, автобус, красный, воздух.

Вядучы. Конкурс юных чытачоў. Заданне – прачытаць верш пра Радзіму. Дзеці чытаюць вершы пра Радзіму (па аднаму ад кожнай каманды).

Што такое Радзіма?

Гэта квяцісты луг васільковы,

Свежы і чысты водар дубовы.

Гэта расінкі на кветках ружовых

І павуцінкі ў галінках яловых.

Бераг высокі ў звілістай рэчкі,

А ў рэчцы – аблокі, нібы авечкі.

Ласкавае сонца, шумлівыя дрэвы,

У небе бясконцым птушыныя спевы.

Ўсё тое, што сэрцу так блізка і міла,

Усё гэта завецца маёю радзімай

Родны горад я вітаю

Прыгожай вясенняй песняй,

Няхай ён у родным краі

Квітнее парою вясенняй.

Няхай ён для шчасця і міру

Працу сваю прыносіць,

Штодзённа ласкава і шчыра

У госці сяброў сваіх просіць.

Музычная пауза. Песня “Зямля мая”, словы Н.Галіноўскай, музыка С. Галкінай.

Вядучы. Зараз мы даведаемся, якая з каманд ведае больш прыказак і прымавак пра родныя мясціны. Дзеці па чарзе называюць прымаўкі і прыказкі. Прадаўжаюць гульню дарослыя. Перамагае каманда, якая назаве больш прыказак і прымавак.

Прыклады:

Свая хатка – родная матка.

Свой сухар смачней чужых пірагоў.

Кожнаму свая Радзіма самая лепшая.

Родная зямелька як зморанаму пасцелька.

Вядучы. Звярніце, калі ласка, увагу на сцяг і герб Любані.

Пытанні дзецям.

1. Што сімвалізуе галубы колер сцяга ? (Багацце Любанскага раёна рэкамі, азёрамі і інш. вадаёмамі)

2. Што сімвалізуюць залатыя птушкі? ( Духоўную культуру народа: дабрыню, гасцепрыімства, аптымізм, любоў)

Пытанні бацькам.

1 .Што азначае чырвоны колер на сцяге? (Колер, які выкарыстоўваўся на радавых гербоўніках слуцкіх князей Алельковічэй).

2. Што азначае залаты колер? (Гэты колер выкарыстоўазваўся нясвіжскімі князьямі Радзівіламі. Яшчэ ён падкрэслівае цэннась прыроднага багацця Любаншчыны)

Вядучы. Наступны конкурс “Складзі герб і карту” Любані”. Каманды дзяцей павінны з 6 частак скласці герб свайго горада. Каманды бацькоў з 9 частак складаюць карту Любані. Заданні выконваюцца на асобных сталах. Перамагае каманда, якая выканае заданне хутчэй.

Музычная пауза. Беларускі танец “Весялуха”.

Вядучы. Наступны конкурс  “Знатакі”

Вядучы задае пытанні камандам (па чарзе). Перамагае каманда, якае дасць больш правільных адказаў.

Пытанні дзецям.

  1. Якая рака працякае  ў нашым горадзе? (Арэса)
  2. Хто такі Іван Муравейка? (Пісменнік, наш зямляк).
  3. У Любані ёсць шмат помнікаў. Якія ты ведаеш?
  4. Як называецца галоўная вуліца Любані?
  5. На якоў вуліцы ты жывеш?
  6. Якія заводы ёсць ў Любані?. (Сыраробчы завод, Крухмальны завод, Рыбхоз, Цагельны завод .)
  7. У нашым горадзе ёсць вуліцы, названыя у гонар людзей: Пушкіна, Горкага, Гогаля. Хто такія гэтыя людзі? (Вядомыя пісьменнікі)
  8. Якая вуліца названа імянем беларускага паэта? (Вуліца Янкі Купалы)

Пытанні бацькам.

  1. Назавіце год заснавання горада Любані.(1566г. – упершыню

ўпамінаецца мястэчка Любань (Ярэміцкая воласць) у інвентары Слуцкага княства. Мястэчка належала слуцкім князьям Алелькевічам, у 1600 г. м.Любань перайшло ва ўладанне несвіжскіх Радзівілаў)

  1. Калі быў вызвалены Любань ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?

(30.06 1944г.)

3. У гонар каго пабудаваны помнік у скверы каля будынка бібліятэкі? (Кузьме Іванавічу Шаплыке)

  1. У гонар каго пабудаваны помнік каля будынка ліцэя?

(Партызанкі Фені Конанавай)

  1. Колькі людзей зараз пражывае ў Любані? (11 тыс.)
  2. У якую раку ўпадае Арэса? (” Пціч”)
  3. У якім годзе Любань атрымаў статус горада? (1968 г.) (1938г. -

гарадскі пасёлак)

  1. Колькі гістарычных помнікаў на тэрыторыі Любані? (13).
  2. Ў якім годзе ў Любані з’явіўся свой герб? (Зацверджаны

20.04.1996г.)

10. Якія вуліцы ў Любані названы імёнамі ўдзельнікаў Вялікай

Айчыннай вайны? (Брагін Аляксей Фёдаравіч, Лышчэня Захар Рыгоравіч, Луфераў Андрэй Сцяпанавіч, Баравік Аляксандр Аляксандравіч, Яршоў Уладзімір Вачільевіч). Хто з іх наш зямляк? (Лышчэня З.Р. нарадзіўся ў вёсцы Пласток).

Вядучы. Прыйшоў час аб’явіць апошні конкурс. “Дамашняе заданне”.

Удзельнікі каманд развучылі песні пра родны горад . Зараз мы і паслухаем, у выкананні якой каманды песня прагучыць найлепш.

Каманды спяваюць песні (“Край мой Арэскі”   - словы Н.Крукоўскай, музыка М.Шагава; “Любанскі край” -  словы М.Бухала, музыка М.Шагава).

Пасля кожнага конкурсу журы падводзіць вынікі. У канцы гульні дзеці падлічваюць сцяжкі. Пераможца атрымлівае вымпел горада Любані.

 
Выберите язык
Russian Belarusian Chinese (Traditional) English German