Беларускія народныя казкі ў жыцці дзіцяці.

 

Беларускія народныя казкі ў жыцці дзіцяці

Картинки по запросу картинка белорусские сказки

Дашкольнае дзяцінства – залатая пара ў жыцці кожнага чалавека і, разам з тым, вялікі і адказны перыяд псіхічнага і інтэлектуальнага  развіцця асобы. Менавіта ў гэтым узросце найбольш інтэнсіўна развіваюцца ўсе псіхічныя функцыі, фарміруецца здольнасць да складаных відаў дзейнасці, закладваецца агульны фундамент пазнавальных здольнасцей.

 

 

Гэта самы спрыяльны час для выяўлення і развіцця патэнцыяльных задаткаў у дзіцяці, закладзеных прыродай.

Калі мы разумеем, што з’яўляецца асабліва важным для фарміравання здольнасцей дзіцяці, яго пачуццяў, умення думаць, то здолеем дапамагчы яму ўвайсці ў свет творчасці, фантазіі, уяўленняў, даць магчымасць для найбольш поўнага развіцця дзіцяці.

Адным з важных шляхоў творчага пазнання рэчаіснасці з’яўляецца казка. Народныя казкі – найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Казка  ўзнаўляе даўно забыты  час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своеасаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту нашых продкаў.

Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае.  Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора, пакут. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, аптымізм, вучыць іх маралі, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.

Патрабуецца інтэнсіўная душэўная праца дзіцяці, каб здолець пайсці за ўяўленнямі казачніка, развіваючы і фарміруючы свет уласных уяўленняў, пашыраючы свае веды аб навакольным асяроддзі. І калі мы расказваем дзецям казкі, важна  не проста вучыць іх сачыць за ланцужком падзей, за сюжэтам, але і ствараць умовы для развіцця такіх пазнавальных працэсаў, як успрыманне, памяць, мысленне, мова, уяўленне. Менавіта эмацыянальнасць і здольнасць да пераймання, атаясамліванне сябе з казачнымі героямі робяць дзяцей даверлівымі, “даступнымі” для педагагічнага ўзаемадзеяння.

Падрыхтавала: Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Жаўрыд Е.А.

 
Выберите язык
Russian Belarusian Chinese (Traditional) English German